ПОИСК

Афанасий и Ефимия Сымоники (Малоритский р-н, д. Зомшаны)

Афанасий и Ефимия Сымоники (Малоритский р-н, д. Зомшаны)

PDFПечать

Долю шчаслівай назвалі…

Афанасій і Яфімія Сымонікі з Замшан 8 лістапада адзначылі асаблівую і рэдкую дату – 60 гадоў сумеснага жыцця ці брыльянтавае вяселле. Нямногім сямейным парам шчасціць да яго дажыць. А Сымонікам Бог даў.
- За ўсё дзякуй Усявышняму, – кажа Афанасій Сяргеевіч. – За мінулае, цяперашняе, за сумесна пражытыя годы з жонкаю, за тое, што побач са мной і цяпер такі цудоўны чалавек. Я ўжо сёмы год не бачу свету, дык мая Яфімія стала вачамі, вушамі, рукамі і нагамі. Куды я цяпер без яе.І дня не жыў бы. Ні з хаты выйсці, ні ў царкву наведацца. І стаў недачуваць. А ва ўсім вінаватая яна, вайна.

Афанасій нарадзіўся ў 1926 г. у в. Ганна-Спаская (сёння – Заазёрная) ў сям’і сялян. Бацькі, Сяргей Андрэевіч і Марыя Ясонаўна, былі багатыя на дзяцей: мелі трох сыноў, чатыры дачкі. Дзяцінства хлопчыка прайшло ў клопатах і працы. Да вайны ён паспеў закончыць 4 класы польскай школы.
- Хацелася займацца мірнай стваральнай працай: апрацоўваць зямлю, касіць траву, хадзіць за плугам па раллі, – гаворыць Афанасій Сяргеевіч. – Таму, калі атрымаў павестку на фронт, узрадаваўся. Гэта было 8 жніўня 1944 г. З Маларыты пешшу нас накіравалі ў Бярозу. Туды сваім ходам дабіраліся ажно 9 дзён. Адтуль паехалі ў запасны стралковы полк у г. Волагду (Расія) на вучобу. А 25 снежня на эшалоне павезлі ваяваць у Румынію. Затым была Венгрыя. Першы свой бой памятаю яшчэ і цяпер. Ён быў у пачатку лютага 1945 г. Страху не было, а толькі нейкая трывога, хваляванне, сум.
Ваяваць давялося нядоўга. 4 сакавіка Афанасій Сымонік у Венгрыі быў цяжка паранены. Непадалёк ад яго выбухнула бомба. Цудам застаўся жывым. Адразу накіравалі ў шпіталь. Лячэнне цягнулася доўга, але дактары ўсё ж змаглі паставіць у строй, хоць 2 невялічкія асколкі застаюцца ў назе да гэтага часу і напамінаюць пра сябе.
- Пазней я захварэў на брушны тыф. Зноў апынуўся ў шпіталі. Дэмабілізаваўся з арміі 30 мая 1950 г. Адразу ўладкаваўся на працу на чыгунку рабочым. Выпадкова ці не, але далі жыллё непадалёк ад Замшан, дзе знаходзілася казарма. У вольны час з сябрам бываў у вёсцы. У час чарговага наведвання Замшан і пазнаёміўся з Яфіміяй. Зачаравала дзяўчына мяне з першага погляду, прываражыла ўсмешкаю. Хоць кажуць, што першага і адзінага кахання не бывае. А калі і бывае, то яно нямоцнае. А ў нас каханне стала брыльянтавым, прайшло выпрабаванне часам.
* * *
Яфімія Серада таксама была з сялянскай шматдзетнай сям’і. Жыццё было нялёгкім, асабліва, калі пасля 1943 г. на лузе аднавясковец застрэліў бацьку.
- Увесь цяжар па гаспадарцы клаўся практычна на мае дзявочыя плечы, – успамінае Яфімія Ігнатаўна. – Даводзілася сярпом жаць траву, каб нарыхтаваць сена на зіму жывёле. Пасля вайны палёгка была нязначнай. Але цешыла сябе марай, надзеяй, спадзявалася, што змагу сустрэць хлопца, з якім разам злепім сваё шчасце. На танцы амаль не хадзіла. Не да таго было. За дзень так напрацуешся, што толькі і думаеш, як дайсці да ложка. Мужа хацелася такога, каб як за сцяной каменнай была за ім. Я, сірата, душой і сэрцам імкнулася да простага чалавечага шчасця.Афанасій здолеў мне яго даць.
Сустрэліся яны выпадкова. Было гэта на Каляды 1953 г. Студзеньскім днём сябар сабраўся ў Замшаны пайсці праведаць сваю дзяўчыну. Каб у дарозе было весялей, запрасіў і Афанасія. Той адразу згадзіўся.
- У маёй сяброўкі Надзеі Жлукты і адбылася тая памятная сустрэча, – гаворыць Яфімія Ігнатаўна. – Мы бачылі адзін аднаго ўпершыню, а здалося, што сустрэліся пасля невялічкага раставання. Памятаю, што як толькі ўбачыла Афанасія, то з вуснаў зляцела нечаканае і шчырае: “Ой!”
- Гэтае слова было вымаўлена неяк незвычайна, пра многае яно сказала, – усміхаецца Афанасій Сяргеевіч. – Гэтае “Ой!” мне адразу запала ў душу. А калі нашы позіркі выпадкова сустрэліся, зразумеў, што такая дзяўчына мне і патрэбна. Чаму зрабіў такі вывад, не ведаю. Хіба ж мала было дзяўчат навокал? Але не гарнулася сэрца да іншых.
Афанасій і Яфімія сустракаліся нядоўга. У канцы жніўня хлопец прапанаваў дзяўчыне стаць яго жонкай. Тая адразу згадзілася, бо, здавалася, толькі і чакала гэтага моманту.
- Якая я тады была шчаслівая! Усё, здавалася, навокал радавалася разам са мною.
- 24 кастрычніка пешшу з Яфіміяй накіраваліся ў Маларыту, каб падаць заяву, – успамінае Афанасій Сымонік. – Аднак у сельскім Савеце нам прапанавалі адразу распісацца. Падумаўшы, адразу згадзіліся. Без шампанскага, без сведкаў. За рэгістрацыю шлюбу заплаціў 1 рубель 50 капеек. А 8 лістапада мы павянчаліся. Так і стварылася наша сям’я.
Жыць маладыя сталі ў Маларыце.Пазней у Замшанах пабудавалі дом, пасадзілі сад. Усё рабілі разам, з усмешкай, дружна, прыгожа. Таму і адчувалі сябе шчаслівымі. Пачуцці яшчэ больш сталі трывалымі, калі на свет з’явіліся дочкі Валянціна і Надзея.
* * *
Хоць і гнулі Афанасія і Яфімію вятры жыццёвых нягод, сумелі яны выстаяць перад цяжкасцямі, захаваць вернасць адзін аднаму, каханне, шчырыя і цёплыя ўзаемаадносіны. Таму ў адзін голас долю сваю называюць шчаслівай.
60 гадоў сумеснага жыцця, здаецца, цэлай вечнасцю. А для Сымонікаў гэтыя шэсць дзясяткаў праляцелі як адзін дзень, як імгненне. Іх сям’я багата не толькі гэтым, але яшчэ і 4 унукамі, 3 праўнукамі.
- Нашы дзеці і ўнукі, – гаворыць Яфімія Ігнатаўна, – гэта золата і брыльянты, якія падарыла жыццё. Я ўвесь час разам з мужам. А гэта такое шчасце адчуваць побач чалавека, што для цябе стаў вельмі многім, калі не ўсім.
- Трэба ў жыцці цвёрда і ўпэўнена стаяць на нагах, працаваць, разліч­ваючы на свае сілы і не атручваць жыццё здрадай, няўвагай да каханага чалавека, хлуснёй, – кажа Афанасій Сяргеевіч. – Мы заўсёды жылі па-божаму, прытрымліваліся спрадвечных маральных норм, імкнуліся не парушаць ніякіх законаў.
- Што трэба, каб пражыць разам 60 гадоў? Напэўна, аднаго казачнага цярпення недастаткова?
- Жыць у сям’і ў ладзе і згодзе, – прызнаецца Яфімія Ігнатаўна, – сапраўднае майстэрства. Ювелірная тонкасць неабходна, катаржная праца над сабой, сваімі жаданнямі. Трэба штодзённая ласка, пяшчота, давер ва ўсім, павага, нечалавечая трывучасць, а таксама – уменне ў час набраць вады ў рот і змаўчаць. Гэтым уціхамірваецца бура ў сямейным гняздзе. І думаць трэба заўсёды не пра крыўды, а пра заўтрашні дзень. Бо наперадзе яшчэ многа дзён, у якіх давядзецца прыняць не адно рашэнне, многае сумесна перажыць, зразумець, дараваць, прабачыць, кахаць і любіць. Для мяне самае галоўнае – сям’я. Гэта адзінае, чым неабходна даражыць. Чалавек адчувае сябе сапраўдным чалавекам толькі ў сям’і.
- Усё неабходна дзяліць на двух, – падтрымлівае Афанасій Сяргеевіч. – Адзін можа і не панесці сямейнага цяжару, зламацца. Вы думаеце, што за 60 гадоў мы ні разу так і не “пакусаліся”? Усякае было. Сварыліся. Як не бывае зімы без маразоў, так і не бывае сямейнага жыцця без спрэчак. Але сямейныя віхуры ў нас бушавалі неяк далікатна, кароткі прамежак часу, не наносілі глыбокіх душэўных ран, сардэчных апёкаў і шрамаў. Пасля гэтых разборак мне заўсёды на давала пакою сумленне ад марнасці і непатрэбнасці сямейных непаладкаў. Імкнуўся, каб іх было як мага менш. А гэта, сапраўды, цяжка.
Сымонікі лічаць, што яны шчаслі­выя яшчэ і таму, што вераць у Бога, наведваюць царкву. У сваіх малітвах просяць дабрабыту і доўгіх гадоў усім людзям. У Афанасія Сяргеевіча сярод 22 медалёў і ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені асобае месца займае і Юбілейная патрыяршая грамата, якую ён атрымаў у 2005 г. з рук епіскапа за працу на карысць праваслаўнай царквы. Афанасій Сымонік прымаў актыўны ўдзел у аднаўленні пасля пажару Свята-Мікалаеўскай царквы ў Маларыце і будаўніцтве храма ў Замшанах.
- Я калісьці даў Госпаду абяцанне, – гаворыць Афанасій Сяргеевіч. – Праца на чыгунцы была надзвычай ў мяне адказная. Працаваў рабочым, пасля – пуцеабходчыкам, дзяжурным на пераездзе, брыгадзірам пуці. І хоць быў узнагароджаны медалём за добрасумленую працу, знакамі “Выдатны пуціец”, “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, прозвішча было занесена ў Кнігу пашаны Беларускай чыгункі, аднак нейкіх пралікаў ніхто б недараваў. Таму ў Бога прасіў ва ўсім дапамогі на кожны дзень і паабяцаў, што, калі выйду на заслужаны адпачынак, стану наведваць царкву. Усявышні мяне, напэўна, пачуў, бо ўсё ў мяне атрымлівалася добра. Калі пайшоў на пенсію, я сапраўды стаў часта бываць у храме. Вера ў Бога нам з жонкай і сёння надае сілы.
* * *
Афанасій Сяргеевіч і Яфімія Ігнатаўна Сымонікі не заканчвалі вышэйшыя навучальныя ўстановы, не наведвалі спецыяльныя курсы, не шукалі адказу на пытанні ў кнігах. Прамудрасць штодзённую спасцігалі самі. Ім само жыццё выдала дыплом, праверыла веды і паставіла найвышэйшыя адзнакі. Ды хіба гэта не талент: 60 гадоў рука ў руку разам быць у адным шляху?
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Афанасій Сяргеевіч і Яфімія Ігнатаўна Сымонікі з Замшан па жыцці разам ідуць ужо 60 гадоў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 23.11.2013 г.