ПОИСК

Цаль Василий Григорьевич (г. Жабинка)

Цаль Василий Григорьевич (г. Жабинка)

PDFПечать

На трывожным памежжы: калі заўтра вайна
З успамінаў В.Р.Цаля

5 лютага ветэрану Вялікай Айчыннай Васілю Рыгоравічу Цалю споўнілася дзевяноста. На працягу ўжо чвэрці стагоддзя ён актыўны сябра грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. Таму ў юбілейны дзень з цеплынёй і чуласцю паважаны чалавек прымаў віншаванні ад старшыні раённага аддзялення таварыства Раісы Сцяпанаўны Лісковай.

 Cal_Zhabinka

Васіль Рыгоравіч з кагорты тых, хто змагаўся за Айчыну, і дасюль памятае пах пораху, як і пах хлеба, выпечанага матуляй. Яго згадкі пра старую Жабінку і родныя Мышчыцы, што ў 1970 годзе сталі часткаю горада, надзвычай каштоўныя.

Размяняўшы дзясяты дзясятак, ветэран-працаўнік шчыра гаворыць: “Не спадзяваўся, што гэтак доўга пражыву”. Сведка таго, якім было мірнае і ваеннае жыццё ў розныя часы ў нашым райцэнтры і наваколлях, В.Р.Цаль дасюль удзельнічае ў выхаванні патрыятызму ў маладога пакалення, нярэдка дзеліцца сваімі ўспамінамі са школьнікамі. Сёння яны — неацэнны скарб, бо, ажыўляючы малюнкі часу, што больш не вернецца, тыя згадкі пра мінулае дапаўняюць і пашыраюць нашы веды пра былое, а ў нечым з’яўляюцца нават нечаканымі, а таму яшчэ больш цікавымі. Такія ўспаміны могуць быць карыснымі і пры стварэнні экспазіцый Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах, якія рыхтуюцца зараз.

Сёння прапануем чытачам успаміны Васіля Рыгоравіча Цаля, прысвечаныя падзеям, што адбываліся ў даваенныя часы і першы дзень ліхалецця, плануючы працягнуць расповед ветэрана ў год, калі святкуецца слаўны юбілей Вялікай Перамогі.

 

Справы сялянскія, надзённыя

Мой бацька Рыгор Філімонавіч меў за польскім часам восем гектараў зямлі, шэсць з іх было пад ворывам.

Працаваць даводзілася з малога. Мне толькі восем год споўнілася, як маці сказала: “Ёсць у хаце свой пастух. Сваіх дзяцей маем, дык навошта каго наймаць?”. Раней каровы пасвілі старэйшыя браты — спачатку Міша, а затым Валодзя. Вось прыйшла і мая чарга. Маці хацела на мне зарабіць, таму пасвіў і суседскіх рагуляў Ігната Верамеюка ды дзяка мышчыцкага Пашкевіча, якія няблага плацілі: па дваццаць злотых за карову. Гэтак шэсць гадоў быў пры каровах, пакуль не падрос, тады ўжо бацьку дапамагаў.

Усім жыць лепей хацелася. Даваенныя злотыя былі дарагімі грошамі, найперш тым, што іх цяжка было зарабіць.

Таму брат Валодзя на пана Непакойчыцкага штодзённа працаваў, а найстарэйшы Міхаіл пайшоў да Новіка з Мышчыц. Той набыў вялікі ўчастак у Жабінцы (дзе цяпер універмаг стаіць) і пабудаваў, як раней казалі, бытанярню. Улетку на ёй выпускалі з бетона калодзежныя бочкі, пустакі (фундаментныя блокі з пустотамі ўнутры) для будоўлі хлявоў, а з надыходам зімы Міша рабіў чарапіцу. Справа прыбытковая: чарапіцу вецер нярэдка зрываў з дамоў — вось гаспадару клопат, а майстру справа!

Пра Жабінку былую

Так, у тагачаснай Жабінцы ўсе, хто быў больш-менш заможным, крылі дахі сваіх дамоў гожай чырвонай чарапіцай, бяднейшыя, вядома, жылі пад саламянымі стрэхамі. А яшчэ была завядзёнка: хутаране павінны былі пазначаць межы сваіх хутароў. А як замацаваць тую мяжу? Заказвалі на бытанярні слупы — унізе з крыжыкам, а наверсе з польскім арлом — гэтак і пазначалі, дзе чый надзел заканчваецца.

Жабінка была невялічкая тады. Няшмат ад яе засталося. Чыгуначны вакзал — яшчэ з царскіх часоў, у яго толькі дах аднавілі ды, канечне, унутры, змяніўся, а знешне захаваўся, як з дзяцінства памятаю. Гэтая частка Жабінкі, што была ля вакзала, называлася мястэчкам.

Жабінкаўская сінагога была драўляная, стаяла ў тым раёне, дзе зараз трэцяя школа. Яе знішчылі з пачаткам вайны.

Амаль насупраць сённяшняй кавярні “Моладзевая” высіўся гожы касцёл з чырвонай цэглы. Настаўніца наша з 2 класа пані Слішова вадзіла нас у той касцёл. Яго разбамбілі немцы ў першы дзень вайны.

Яны ж дазволілі пазней палякам збудаваць новы. Але ўжо на іншым месцы — каля пераезда праз чыгунку (цяпер замест пераезда — мост). Лес для касцёла вазілі з-пад Здзітава, з урочышча Мыто і з Вялікіх Сяхновічаў, якімі ўладарыў памешчык Прыбора. Парамі коней дастаўляліся дрэвы на тартак да Іцкі. Тартак і млын гэтага багатага яўрэя месціліся там, дзе цяпер кінатэатр “Юбілейны”. Па суседстве (паблізу сённяшняй падатковай інспекцыі і загса) жыў таксама заможны яўрэй Арон. Калі прыйшла Савецкая ўлада, таго Арона пазбавілі маёмасці, а ў ягоным вялікім і прыгожым доме адчынілі банк. На ўласныя вочы бачыў, як на падводзе прывозілі туды вялікую касу.

Адразу за касцёлам паўстаў цагляны домік — аптэка Сушанава, маладога і спраўнага яўрэя. Памятаю, як маці прасіла: “Ой, Вася, нешта галава баліць, збегай, як свабодны, да аптэкара па парашок”. Каштаваў гэты лек 10 грошаў і быў насыпаны ў паперку, ладненька згорнутую. З прыходам Савецкай улады Сушанава выгналі, адчынілі ў яго доме ваенторг, куды маглі трапіць толькі ваенныя.

У сённяшнім скверыку, што вядзе да чыгуначнага вакзала, знаходзіліся хаты багатых яўрэяў Розы, Літманаў і Зэльткаў, што гандлявалі рознымі таварамі, і выбар быў у іх надзвычай разнастайны.

Было ў Жабінцы многа яўрэяў, з імі жылі мірна, дасюль не разумею, за што немцы іх знішчылі ўсіх. Добрыя ж былі людзі, працавітыя.

Асабліва скажу пра нафтабазу. Яна ўзнікла ў 1940 годзе. Будаваць прыехалі савецкія спецыялісты, але мы заўважалі: ніхто сярод іх не быў падобны тварам на рускага чалавека, відаць, выхадцы з Каўказа. Мясцовых наймалі на будоўлю, восем дзён і я адпрацаваў, зарабіў 58 рублёў на ўзвядзенні вузкакалейкі, якую цягнулі да нафтабазы.

За некалькі месяцаў да пачатку вайны, базу, якая пачала напаўняцца нафтавымі вырабамі, узялі пад ахову войскі НКУС. Вадакачка, у якой яны спыніліся, і ўвесь аб’ект быў шчыльна агароджаны высокім плотам з калючым дротам.

Па Мухаўцы пачалі ісці шматлікія 280-тонныя баржы з палівам, якое па трубах, падведзеных да 11 бакаў (кожны вышынёй у 11-метраў), пампавалася ў тыя рэзервуары. Прычым, кожны сантыметр у баку — гэта тона нафтавых вырабаў.

Тады ж насупраць аптэкі, што дзейнічае зараз, будавалі і райвыканкам. Будоўлю праводзіў камунгас пад кіраўніцтвам першага дырэктара гэтай арганізацыі Барташука. Планавалася, будынак будзе вялікім драўляным, аднак давесці справу не паспелі…

Як пачыналася вайна

У тую ноч, як вайна пачалася, я позна вярнуўся з пагулянкі. Не паспеў як след заплюшчыць вочы, калі раптам — удар, ажно тынкоўка ў хаце пасыпалася! Усхапіўся, яшчэ не разумеючы нічога. А тут — зноў выбух, яшчэ мацнейшы. Першы снарад лёг за сённяшнім чыгуначным мостам, другі — зусім блізка — у суседскі агарод. Гэтак даў — знёс усю капусту, пакінуў толькі глыбокую ямку.

Людзі бачылі, а потым расказвалі, што на нашых могілках ля Мышчыцкай царквы засеў нямецкі карэкціроўшчык. Відаць, ён даў каманду, бо наступныя снарады ляцелі ўжо больш дакладна. Прычым было чуваць: рвуцца не па аднаму, а адразу па тры ў мястэчку. Згарэў і недабудаваны райвыканкам, і яўрэйскія заможныя хаты, і вялікі дом доктара Жданевіча, і дыстанцыя пуці, якая знаходзілася паблізу вакзала (там, дзе раней была хлебапякарня), — усё было зруйнавана-знесена…

Але ж, відаць, не ў гэтым была варожая мэта. Там, дзе зараз аддзел адукацыі, у былым доме польскага паліцыянта Чэсляка, месціўся савецкі штаб. На яго і нацэльваліся, ды снарадам увесь час не хапала нейкіх 50 метраў.

Неўзабаве наляцела нямецкая авіяцыя, звыш 20 самалётаў. Яны лупілі і лупілі па вагонах, разбамбілі два з соллю, якая высыпалася проста на зямлю, і затым мясцовыя яе падбіралі. Я таксама прывёз цэлую бочку. Вынішчальнікі шмат разоў вярталіся, паўтаралі свае налёты, нішчылі ўсё навокал, аднак не чапалі чыгуначны вакзал і нафтабазу.

Па нашым гасцінцы, які цягнуўся ўздоўж могілак на Рачкі, Збірагі — да Брэста, пачалося адступленне савецкіх танкаў, іх было так многа, што ўзнімалі пыл і курадым да самага неба! Адзін танк невядома чаму кінулі ля могілак пад хваінкаю, дык мы, хлопцы, потым лазілі ў яго, аглядалі.

А ў гэты самы час уздоўж чыгункі ішлі і ішлі байцы-чырвонаармейцы. Хто апрануты, хто нават толькі ў трусах і майцы. Відаць, падхапіліся з ложкаў, калі прагрымела трывога.

Фашысцкія летакі ўвесь час гаспадарылі ў небе, усё выглядалі, дзе вялікая колькасць чырвонаармейцаў, выпускалі па іх шматлікія чэргі. Салдаты на час залягалі, а затым зноў працягвалі свой шлях на ўсход.

Пад самы вечар у блізкую вёску Салейкі ўвайшлі нямецкія танкі. Яны ўдарылі па Сцяброве і чыгуначным пераездзе, які быў паблізу нашага сяла. Гэта адбывалася пад вечар 22 чэрвеня, ужо моцна бралася на змярканне, калі з’явіўся матацыкліст з кулямётчыкам. За імі ціха па нашым гасцінцы рухаўся танк з фашысцкімі крыжамі. Ён павярнуў на нафтабазу. Немцы адразу ўзялі яе пад ахову. Так пачыналася акупацыя.

Запісаў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Фота Ірыны ЖУК.