Салавчук Иван Григорьевич (д. Новолесье, Малоритский р-н)

Салавчук Иван Григорьевич (д. Новолесье, Малоритский р-н)

Печать

Салаучук Іван Рыгоравіч (в. Навалессе. Маларытскі р-н)

"НЕ ГУБЛЯЙЦЕ НАДЗЕІ"

Салаучук

Чалавечы лёс – непрадказальны і невядомы. А таму ніхто з нас не можа сказаць, што будзе заўтра альбо нават праз хвіліну. Ды гэта, напэўна, і добра, бо інакш жыццё, мажліва, не ўспрымалася б у поўнай яго меры.

Лёс Івана Рыгоравіча Салаўчука з вёскі Навалессе не заўсёды песціў. Але сёння, у свае 45 гадоў, ён не крыўдуе на жыццё, а радуецца таму, што мае.
Нарадзіўся і вырас Іван Рыгоравіч у вёсцы Радзеж у звычайнай сям’і. Дзяцінства таксама прайшло так, як ва ўсіх вясковых дзяцей: школа, дапамога бацькам па гаспадарцы. Але аднойчы з Іванам здарыўся няшчасны выпадак: у лесе амаль на яго звалілася бервяно: 18-гадовы юнак моцна траўміраваў вока.
Гэты выпадак мужчына не надта ахвотна ўспамінае, ды яно і зразумела, таму што ён, можна сказаць, падзяліў жыццё на дзве часткі. Пасля трагедыі юнак перанёс аперацыю і паўгода правёў у бальніцы. Як прызнаецца сам Іван Рыгоравіч, гэта быў для яго вельмі цяжкі час, бо не ведаў, што яго чакае наперадзе.
- Прызнацца, я не вельмі люблю аб гэтым гаварыць, але і сёння дакладна памятаю, якія думкі тады мне прыходзілі ў галаву, – расказваў мой субяседнік, – І калі я зразумеў, што ў 18 гадоў стаў інвалідам, зрабілася страшна і нават у нейкі момант рукі апускаліся. Але дзякуй маім родным, якія былі побач са мною, яны падтрымлівалі мяне і напаміналі аб тым, што як-ніяк, а жыццё ідзе далей. Вярнуўшыся з бальніцы дамоў, на першых часах я не разумеў, што мне рабіць, як жыць далей і ўвогуле, куды падзецца. Але і тут мне дапамаглі. Казімір Віктаравіч Лапіч, які ў той час быў старшынёй калгаса “Першае мая”, адправіў мяне вучыцца ў Брэст на курсы электраманцёраў. А потым, пасля іх, а былі яны шэсць месяцаў, узяў на працу ў родны калгас. Шчыра прызнацца, гэта быў для мяне нейкі асабісты круг выратавання, бо я зразумеў, што магу працаваць і прыносіць нейкую карысць. Усё сваё жыццё я буду ўдзячны за гэтую дапамогу. Мажліва, менавіта яна і не дала мне зламацца, а наадварот падарыла веру ў сябе, у тое, што ўсё яшчэ і ў мяне будзе добра.
Вось так простая дапамога бліжняга змагла вярнуць чалавеку прагу да жыцця. Іван Рыгоравіч знайшоў сваё месца ў жыцці. Электрыкам у калгасе ён прапрацаваў ажно 17 гадоў. За гэты час шмат змен адбылося ў жыцці нашага героя. У 1997 годзе ён ажаніўся, а пасля стаў татам. Дзве дачкі, Лена і Тамара, любяць свайго тату і, напэўна, як і ўсе дзеці, лічаць самым лепшым.
- Пасля вяселля мы доўга не думалі і набылі дом у Навалессі. Ён хоць і невялікі, але свой, – расказвае Іван Рыгоравіч, – таму стараемся і жывем, як усе людзі. Працуем, выхоўваем дачок і радуемся жыццю.
Пасля працы электрыкам наш герой пайшоў працаваць на ўчастак камунальнай службы. Спачатку працаваў у лазні, а цяпер працуе на кацельні. А вось у летні перыяд дапамагае роднай гаспадарцы – працуе на зернетаку. Іван Рыгоравіч актыўна ўдзельнічае і ў грамадскім жыцці. У 1994 годзе ён стаў членам раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. І з таго моманту па сённяшні дзень не прапускае ні аднаго сходу, сяброўскіх сустрэч, якія арганізоўваюцца. І, як сам прызнаецца, гэта сапраўды цікава і патрэбна яму.
У канцы нашай размовы папрасіла ў Івана Рыгоравіча даць параду тым людзям, якія, мажліва, аказаліся ў падобнай сітуацыі. Як не разгубіцца ў такім выпадку і знайсці сілы жыць далей, а галоўнае – радавацца жыццю? Мой субяседнік некалькі хвілін падумаў, а пасля шчыра адказаў: “Нельга губляць надзеі… Ніколі… Нідзе..”
Што ж, гэта і сапраўды так, бо надзея памірае апошняй. Таму не губляйце надзеі. Ніколі. Нідзе.


Аутар: Анастасія Пархамук.
На здымку: Іван Рыгоравіч Салаўчук.
Фота аўтара