Дзве мадонны Палесся
Дзве мадонны Палесся, два сонца,
Талент свой даравалі, спаўна,
Год за годам ляціць не супынішь.
Вас не вернеш, а памяць жыва
17 снежня, працягваючы юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы, у спецыяльнай бібліятэцы–філіяле №12 адбылась прэзентацыя аўдыёдыска " Дзве мадонны Палесся: Яўгенія Янішчыц, Ніна Мацяш”. Гэты год стаў юбілейным для абедзьвух аўтараў – 75-годдзе з дня нараджэння Нiны Мацяш i 70-годдзе з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц.
Словы вялікай падзякі гучалі ў адрас усіх тых, хто дапамог адбыцца гэтай падзеі. Выданне дыска стала магчымым, дзякуючы супрацоўнікам Радыё “Брэст”: гукарэжысёру Краўчэнка Антону і галоўнаму рэдактару Васілію Барысюку . Актрысам Брэсцкага тэатра драмы: Дзячэнка Таццяне, Яцкавец Кацярыне, Гадун Яўгеніі, Грыбко Аляксандры, якія падарылі вершам свае цудоўныя галасы .
Барысюк Васіль прыйшоў асабіста павіншаваць з гэтай важнай падзеяй і падзяліўся ўражаннямі аб новым вопыце супрацоўніцтва. Важныя словы аб творчасці паэтак сказала брэсцкая пісьменніца Зінаіда Дудзюк, якая паведала пра “Ліставанне даўжынёю ў жыццё” – свае успаміны пра Ніну Мацяш у кнізе “Пара высокага сонца”. На мерапрыемстве прысутнічала старшыня праўлення абласной арганізацыі інвалідаў па зроку Юрэня Ірына Леанідаўна і Жук Вера Аляксандраўна старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі “БелТІЗ”. Гасцямі мерапрыемства таксама сталі актыўныя карыстальнікі спецыяльнай бібліятэкі, інваліды па зроку, для якіх выданне беларускай паэзіі ў фармаце аўдыёдыска мае асаблівую каштоўнасць.
Падчас мерапрыемства прагучалі вершы беларускіх паэтэс у выкананні актрыс Брэсцкага тэатра драмы. Аўдыёзборнік уключыў 16 вершаў паэтэс. Усе жадаючыя могуць узяць яго паслухаць, скарыстаўшыся паслугамі бібліятэкі.
На літаратурным небасхіле ўжо дзесяцігоддзі ззяюць зоркі Яўгеніі Янішчыц і Ніны Мацяш. З часам святло гэтых зорак не паблякла і не згасла, а гэта значыць, што яны будуць свяціць датуль, пакуль людзі будуць мець духоўную патрэбу ў сустрэчы-дыялогу з таленавітай паэзіяй, сапраўдным мастацтвам.